Апублікавана на сайце euroradio.fm

Сутыкненне раварыста і пешахода ў Гродне, якое здарылася на мосце праз раку Нёман, скончылася па-сапраўднаму трагічна. У аўторак 23-га чэрвеня стала вядома, што пешаход памёр у рэанімацыі. А ў дачыненні да 16-гадовага Яраслава Хільмановіча пасля праверкі распачалі крымінальную справу.

Нагадаем, што сутыкненне здарылася 16 чэрвеня. Пешаход пасля ўдару стукнуўся галавой аб высокі бардзюр.

Праваахоўнікі не паведамляюць падрабязнасцяў. Але здарэнне выклікала рэзананс у краіне.

Між тым звесткі, якія сталі даступныя Еўрарадыё, прымушаюць паглядзець на гучны выпадак зусім з іншага ракурсу.

Ярослав Хильманович
Ярослав Хильманович

Аказалася, што ўдзельнік інцыдэнту Яраслаў Хільмановіч з’яўляецца прафесійным велагоншчыкам-шасэйнікам і ў момант здарэння акурат ехаў на трэніроўку. На афіцыйным сайце Следчага камітэта пра гэтыя прынцыповыя нюансы не сказана ні слова.

“Я яшчэ сам нічога не ведаю”, — рэагуе на пытанне Еўрарадыё пра ход следства сам Яраслаў. Пасля здарэння і ён, і яго трэнер Сяргей Іваноў адмаўляюцца ісці на кантакт з прэсай. Чакаюць, што следчыя пасля правядзення экспертыз здымуць усялякія падазрэнні са спартсмена. Усё ж мужчына сам парушаў правілы дарожнага руху.

Між тым крымінальную справу за парушэнне правілаў, якое пацягнула смерць чалавека, распачалі менавіта на 16-гадовага спартсмена. Яму пагражае да 5 гадоў абмежавання волі і нават пазбаўленне волі на той жа тэрмін. Жыццё і спартовая кар’ера перспектыўнага велагоншчыка — пад пагрозай.

Тым часам сябры Яраслава распавядаюць падрабязнасці, якія ведаюць ад падазраванага і яго трэнера.

“На мосце праз Нёман пешаход вырашыў перабегчы дарогу ў недазволеным месцы. Аўтамабіля не было, а веласіпедыста пешаход-парушальнік не заўважыў. Сам Яраслаў не атрымаў сур’ёзных цялесных пашкоджанняў. А да драбязы велагоншчыкі прызвычаеныя”, — кажа Еўрарадыё адзін са спартсменаў. Хлопец просіць не называць яго імя.

Крыніца запэўнівае, што на месцы Яраслава мог апынуцца любы прафесійны велагоншчык. Хоць кожнага спартсмена пільна інструктуюць наконт правілаў дарожнага руху.

Место трагедии
Место трагедии

“Веласіпедыстам-спартсменам дазволена ездзіць па дарозе ў метры ад абочыны. Пры наяўнасці веласіпеднага шлема і светлаадбіваючага элемента, — працягвае крыніца. — Ровары прафесіяналаў абсталяваныя ўсімі неабходнымі дэвайсамі. Не дазваляецца толькі здзяйсняць на шашы левы паварот, калі палосаў у адным накірунку больш за адну”.

Праваахоўнікі дагэтуль не ведаюць імені загінулага і яго дакладнага ўзросту. Паведамляецца, што яму блізу 50 гадоў а рост 170 сантыметраў. Лёсам мужчыны ніхто не цікавіцца.