15-гадовага Улада Зялёнага не стала амаль восем месяцаў таму – 22 снежня 2016 года. Крымінальная справа па артыкуле “Давядзенне да самазабойства” была распачатая ў хуткім часе.  Але ніхто так і не быў пакараны.

У пачатку жніўня ўпраўленне Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці зноўку прыпыніла следства па гэтай гучнай справе. 

Бюро “Факт” даведалася пра нечаканыя акалічнасці, якія маглі на гэта паўплываць. 

Мама аднакласніка, з якім канфліктаваў Улад, – жанчына пры пагонах

Незадоўга да трагедыі ў Зялёнага здарыўся сур’ёзны канфлікт з аднакласнікам, які ў выніку атрымаў па носе.

Мама таго самага “пацярпелага” аднакласніка – следчы па асабліва важных справах баранавіцкага міжраённага аддзела Следчага камітэта.  

Фота
Фота "мамы ў пагонах" з яе публічнай старонкі ў сацсетцы

Улад расказваў мне, што яна “выводзіла яго за межы класа на размову”. Гэта было, калі я не блытаю, 19 снежня, за некалькі дзён да гібели сына. Яна сказала, што напісала на Улада заяву, і, калі нешта здарыцца, аддасць гэту паперу ў міліцыю, –  прыгадвае падрабязнасці Таццяна, мама загінулага хлопчыка. – Але ўжо ніхто не даведаецца, пра што яна там з ім размаўляла. Якое яна ўвогуле мела права? Нейкі незразумелы суб’ект гутарыць з маім дзіцём! Наколькі я ведаю, яна праводзіць у школе нейкія работы з вучнямі. Чаму яна туды прыходзіць? Яна ж не інспектар па справах непаўнагадовых…

Атрымліваецца, што Улад Зялёны звёў рахункі з жыццём праз некалькі дзён пасля гутаркі з “мамай у пагонах”. Лагічна меркаваць, што супрацоўніца СК можа мець дачыненне да гібелі дзіцяці.

Бюро “Факт” звязалася з той самай мамай жанчынай, але яна адмовілася каментаваць гіпотэзу, што можа быць датычнай да трагедыі, і абмежавалася казённай фармулёўкай: “Усю інфармацыю вы можаце атрымаць у афіцыйнага прадстаўніка ўпраўлення СК па Брэсцкай вобласці”.

Калі верыць старонцы грамадзянкі ў сацсетцы, яна вельмі каштоўны супрацоўнік для Слечага камітэта. Два гады таму ўжо магла пайсці на пенсію, але засталася працаваць. 

Скрын-шоты са старонкі
Скрын-шоты са старонкі "мамы ў пагонах". Некаторыя супрацьзаконныя надпісы цэнзураваныя "Фактам"

Сацсеткай жанчына карыстаецца надзвычай актыўна. У некаторых пастах, якія размешчаны ў яе на старонцы, –ксенафобія і мацюкі. Пры гэтым жанчына не саромеецца ўказваць у асабістых звестках сваю высокую пасаду ў СК.

“Дырэктар сказаў, што там, куды сын паедзе, зубы яму не спатрэбяцца”

Яшчэ большую вінаватасць блізкія загінулага ўскладаюць на адміністрацыю СШ №10 Баранавічаў.

Нагадаем, што 21 снежня 2016 года (праз некалькі дзён пасля гутаркі з “мамай у пагонах”) там праводзілі так званы Савет прафілактыкі, на якім Улада Зялёнага публічна бэсцілі за бойку з аднакласнікам. Мама Таццяна таксама там прысутнічала.

СШ №10 Баранавічаў
СШ №10 Баранавічаў. Фота бюро "Факт"

Калі Улад зайшоў, то дырэктар Дарашэнка спытаўся, чаму яго не было ў школе ў пятніцу. Сын сказаў, што быў у стаматолага. На гэта дырэктар сказаў, што там, куды сын паедзе, зубы яму не спатрэбяцца, – кажа Таццяна. Жанчына не стрымлівае слёз, калі ўзгадвае падрабязнасці. –  Таксама Дарашэнка казаў, што сына ненавідзіць увесь клас і што школа дасць на яго такую характарыстыку, што Улад нікуды не паступіць. Калі дырэктар сышоў, ціск працягнула намесніца дырэктара Пацэвіч. Яна выбівала з Улада прызнанне, што менавіта ён ударыў аднакласніка. Улад казаў, што ён не біў. Пацэвіч запэўнівала, што справа ў кожным разе будзе перадавацца ў міліцыю. У выніку, яна дала Уладу “апошні шанц”. Тады сын сказаў: “Няхай гэта быў я”. Для Улада ўся гэта сітуацыя была трагедыяй. І на наступны дзень ён павесіўся. Сына давялі да самагубства.

Сэлфі, якое дырэктар Дарашэнка выставіў на сваю публічную старонку ў сацсетцы
Сэлфі, якое дырэктар Дарашэнка выставіў на сваю публічную старонку ў сацсетцы

–Адзін з прадстаўнікоў адміністрацыі школы №10 выказаў нам здагадку, што праблему трэба шукаць у вашай сям’і. Маўляў, Улад быў страшна праблемным хлопцам, а вы – злоўжывалі алкаголем.

–Гэта хлусня. Улад быў выхаваным хлопчыкам. Ён ніколі нікуды не прыцягваўся, жыў у дабрабыце, у нас пастаянна былі рэпетытары. Чаму дрэнная сям’я, я не магу зразумець. Мяркую, каб закрыць справу, трэба было выгарадзіць і маму аднакласніка, і школу. Таму вінаватасць перакінулі на нібыта дрэнных бацькоў. А я ніколі не знаходзілася ні на якіх уліках.  У мяне машына, правы. Працавала ў Мінску кіроўцам тралейбуса. Я ўраўнаважаная, мне людзей давяралі.

Як пакаралі адміністрацыю школы №10

Праз тры тыдні пасля трагедыі блізкія Улада атрымалі ліст з Брэсцкага аблвыканкама. Там было сказана, што “камісія выявіла парушэнні ў рабоце СШ №10 па арганізацыі прафілактычнай работы сярод непаўнагадовых. Да работнікаў, якія дапусцілі парушэнні, ужыты меры дысцыплінарнай адказнасці”.

Што гэта за меры – невядома. Але праўда ў тым, што дырэктар Міхаіл Дарашэнка і намесніца дырэктара Тамара Пацэвіч і сёння займаюць свае пасады, быццам нічога не здарылася. Падчас допытаў сведкі, якія прысутнічалі на тым ракавым Савеце прафілактыкі 21 снежня 2016 года, давалі паказанні, што мала што памятаюць.

Калі пасля суіцыду блізкія загінулага школьніка пачалі шукаць праўду ў нашых праваахоўных органах, то атрымалі ліст з абласной пракуратуры, дзе нават прозвішча Улада напісалі няправільна: “Зелянко” замест “Зялёны”. І гэта ў сітуацыі, калі пра здарэнне пісалі папулярныя сайты, а справу пад канроль узяла Адміністрацыя прэзідэнта.

Гэты адказ з праваахоўнага ведамства шакіраваў блізкіх Улада
Гэты адказ з праваахоўнага ведамства шакіраваў блізкіх Улада. Фота бюро "Факт"

Гэта ўсяго толькі нязначны нюанс, хоць і крыўдны. Высновы ж пра сумленнасць і непадкупнасць следства рабіце самі.  

Мама Улада Зялёнага мае намер і далей пісаць звароты і скаргі ў дзяржведамствы.