Апублікавана на сайце euroradio.fm

У лютым запрацаваў дэкрэт, які павінен перакрыць гандаль забруджаным насеннем маку ― “бубкамі”. Растворам з гэтай сыравіны колюцца да 150 тысяч беларусаў. Чакалася, што ўжо ў лютым гэтыя людзі масава пойдуць у наркадыспансеры. Але, на здзіўленне медыкаў, такога не здарылася. Спецыялісты мяркуюць, што спажыўцы “бубак” перакінуліся на кітайскія сінтэтычныя псіхатропы ― спайсы, эйфарыйныя парашкі, солі і іншае. Яшчэ гэтыя рэчывы называюць “лягалкай”. Бо да ўключэння ў “Рэспубліканскі пералік” за іх распаўсюджванне дылераў не пазбаўляюць волі.

Еўрарадыё правяло журналісцкае расследаванне: ці сапраўды сінтэтычныя псіхатропы ў Беларусі сёння па-ранейшаму лёгка купляюць і які размах мае праблема?

“Залежнасць ― з першага ўколу. У людзей пачынаецца дзікая параноя”

“Гэта самая сапраўдная наркатычная чума новага пакалення. Перапоўнены псіхіятрычныя клінікі і рэбцэнтры. Залежнасць пачынаецца з першага ўколу. У людзей ад спажывання пачынаецца дзікая параноя. Многія заканчваюць жыццё самагубствам, ― з такімі словамі ў рэдакцыю Еўрарадыё прыйшоў аўтар “хронік раёна” Руслан Мірзоеў, які сам лечыцца ад наркатычнай залежнасці. ― Самы папулярны парашок, які на слэнгу называюць “крышталь”, лёгка купіць праз інтэрнет. А па разбуральным уздзеянні ён ў разы больш моцны, чым любыя вядомыя да гэтага ў Беларусі наркотыкі. Пры гэтым пакупнікі не маюць прамога кантакту з “барыгай”. У гэтым і хітрасць. А людзі гатовыя ісці на ўсё, каб дастаць парашок: выносяць з дому рэчы, ідуць на злачынствы…”

Праз некалькі дзён пасля гэтай сустрэчы Мірзоева пазбавілі волі ― у яго ўзніклі праблемы пасля выхаду скандальных кінастужак “Хронікі раёна” і “Хронікі МАЗа”. Перад калоніяй ён здымаў антынаркатычнае дакументальнае кіно.

“Людзі не разумеюць маштабаў праблемы. Таму, пакуль я на волі, хачу паказаць вам, журналістам, наколькі дзёрзка, нахабна і эфектыўна барыгі садзяць на іглу моладзь”, ― падкрэсліў Руслан Мірзоеў перад тым, як мы выправіліся па наркапрытонах.

Вось як гэта было.

“Пачаў калоцца паўгода таму, стаў параноікам. Ад кагосьці хаваўся ў туалеце і павесіўся”

Выкарыстоўваем старыя кантакты Руслана Мірзоева з наркатычнага свету і выпраўляемся па прытонах.

Трапляем у фешэнэбельную кватэру ў сталічным мікрараёне Серабранка. Там хлопцы гадоў па 18-20. Аказалася, ужо некалькі дзён яны колюць у вену раствор з так званага “крышталю”. Амаль ніхто не можа звязна размаўляць.

Просім гаспадара кватэры паказаць, як ён закупляе парашок. За лічаныя хвіліны ён знаходзіць у інтэрнеце аб’яву аб продажы таго самага “крышталю”. У аб’яве пазначана, што рэчыва “зрывае башню”, але з’яўляецца легальным ― не ўваходзіць ў “Рэспубліканскі пералік”.

Перапісваем Skype-кантакт наркадылера і пішам яму паведамленне. Той дае нумар свайго электроннага кашалька, на які мы павінны пакласці 840 тысяч рублёў. Кладзём грошы ў мясцовым універсаме праз плацежны тэрмінал і паведамляем праз Skype час праплаты. Праз 15 хвілін дылер высылае адрас, дзе закладзены так званы “чэк” ― пакет з парашком. Такі бескантактны продаж на слэнгу называецца “закладкай”. І вылавіць наркадылера, які вядзе перамовы па “скайпе”, вельмі няпроста.

Каварства наркагандляра здзіўляе. Знішчаем пакупку. А пасля едзем у Маскоўскі раён сталіцы, дзе трапляем у іншы наркапрытон.

Там дзяўчаты і хлопцы спажываюць такі ж парашок, які называюць то “крышталем”, то “лютым”. За лічаныя хвіліны з парашку гатуюць раствор і колюцца ім у вены. Пасля ін’екцыі абсалютна ўсе кладуцца хто на падлогу, хто на ложкі і нешта неадэкватна балбочуць шэптам. Страшнае і дзікунскае відовішча. Хвілін праз 20 спажыўцы падымаюцца на ногі і ідуць гатаваць новыя дозы, зноўку колюцца.

― Ці лічыш ты сябе наркаманам? ― пытаецца Руслан Мірзоеў у гаспадара кватэры.

― Ды не, гэта проста прыкол. Я проста адпачываю. Магу калоцца, магу не, ― адмахваецца ён, а потым распавядае што гэтак жа перыядычна колюцца ў многіх кватэрах “на раёне”. ― Але ў некаторых пасажыраў слабыя нервы, едзе дах. Вось С. з суседняга дома пачаў калоцца “крышталем” паўгода таму. Стаў параноікам. Як уколецца, пачынае ад кагосьці бегаць, лямантаваць, можа закрыцца ў ваннай і не выходзіць адтуль цэлы дзень. Б. так ад кагосьці хаваўся ў туалеце і павесіўся. К. прадаў кватэру за 60 тысяч долараў і ўжо амаль усе грошы прасадзіў на парашок. Але я не такі, для мяне гэта прыкол…

“Я купляў спайс на сваім раёне толькі ў чатырох барыг, хоць іх дзясяткі”

 “Майму сыну 20. Тры месяцы таму ён стаў неадэкватным. Аднойчы раніцай выйшаў з дому і вярнуўся праз 15 хвілін, абдзяўбаны. Пытаюся: “А чаму ты вярнуўся?” ― а ён кажа: “Дык ужо ноч, праца скончылася…” Тады мы зразумелі, што з ім адбываецца нешта страшнае. Харошы ж хлопец, а тут злавілі яго на тым, што скраў дома залаты ланцужок і здаў у ламбард. Аднойчы у жонкі знікла з партманета 100 тысяч. А ўчора я знайшоў у яго у кішэнях вось гэты спайс”, ― Вадзім Аляксандравіч, афіцэр-сілавік у адстаўцы, паказвае журналісту знаходку, якая яго шакіравала.

Знаходка, якую мінчук выявіў у кішэнях сына
Знаходка, якую мінчук выявіў у кішэнях сына

Пасля таго як сталі з’яўляцца матэрыялы пра сінтэтычныя псіхатропы, многія людзі пачалі звяртацца ў рэдакцыю і дзяліцца бядой, якая здарылася з іх сем’ямі з-за разнастайных спайсаў, парашкоў і іншых сінтэтычных псіхатропаў.

“Я пачаў сустракацца з бацькамі сяброў сына, ― працягвае распавядаць Вадзім Аляксандравіч. ― Мама С. расказала, што яе сын, каб купляць спайс, нечакана вынес з кватэры тэлевізар, прадаў і тэлефон… Дык вось я пачаў дапытваць свайго сына. І ён здаў мне тэлефоны некалькіх барыг, у каго купляў спайс. Зараз думаю, што рабіць з усім гэтым і як пераадолець праблему. Цяпер сэнс майго жыцця ― выратаваць сына. Я не мог уявіць, што праблема настолькі глабальная і можа тычыцца кожнага”.

Тэлевізійныя навіны аб тым, што рэанімабілі выязджаюць на выклікі ў каледжы і школы, вучні якіх да паўсмерці абкурваюцца спайсам, ужо не здзіўляюць. Вядома, што барыгі прадаюць атруту ў тым ліку проста ў навучальных установах. Таму на поўным сур’ёзе чыноўнікі і міліцыя абмяркоўваюць пытанне аб абавязковым тэставанні на спажыванне псіхатропаў ўсіх беларускіх навучэнцаў і студэнтаў.

Звярнуўся да журналіста і 19-гадовы мінчанін Пётр. Зараз хлопец спрабуе пазбавіцца ад залежнасці і штодня сустракаецца з псіхолагам.

― Дык ці шмат барыг гандлюе спайсам у тваім мікрараёне? ― пытаемся ў хлопца.

― Я купляў спайс у чатырох чалавек. А барыг на раёне ― іх дзясяткі. Купляюць любую траву і наносяць на яе рэагенты. Паўграма цяпер прадаюць па 100 тысяч. Ведаю, што чысты навар ― 50 тысяч. Гэта вельмі лёгкія грошы. Многія б маглі стаць багатымі, але самі спажываюць спайс і ўжо старчаліся.

На нашу просьбу Пётр падказаў, як знайсці дробнага раённага барыгу. Выходзім на яго пад выглядам наркаспажыўцоў і цікавімся, ці можна набыць спайс. Гандляр дае станоўчы адказ і прадае смяротнае “курыва” проста ля свайго пад’езда.

Урач-нарколаг: “Назіраюцца пад’ём да дзейнасці, агрэсія, прыступы панікі, галюцынацыі, псіхозы”

У чым палягае знішчальны эфект ад сінтэтычных псіхатропаў? Якая сапраўдная колькасць беларусаў можа спажываць спайсы і парашкі?

Звяртаемся з такімі пытаннямі ў РНПЦ псіхічнага здароўя і ў Міністэрства аховы здароўя, каб прафесіяналы патлумачылі.

Але з абедзвюх устаноў мы атрымалі пісьмовыя адказы, складзеныя пад капірку. Лічбы паведамляюцца толькі наконт людзей, якія афіцыйна стаяць на ўліку. Хоць праўдзівай карцінкі гэта не паказвае: сапраўдная колькасць хворых людзей у многія і многія разы большая. А наконт знішчальнага эфекту ў адказах патлумачылі наступнае: “спайс выклікае фізічную і псіхалагічную залежнасць”, “курыльныя сумесі па ўздзеянні на арганізм у некалькі разоў больш моцныя, чым марыхуана” і гэтак далей. Прыкладна такія ж адказы давалі і пяць гадоў таму, калі спайсы толькі з’явіліся на наркарынку. Не атрымаўшы грунтоўнай інфармацыі, на ўмовах ананімнасці звяртаемся да ўрача-нарколага, які непасрэдна штодня працуе са спажыўцамі сінтэтычных псіхатропаў.

“Праблема ў тым, што гэтыя рэчывы не вывучаныя належным чынам ні нашымі навукоўцамі, ні замежнымі, ― тлумачыць нюансы спецыяліст. ― Зроблена мала даследаванняў наконт уплыву на арганізм. Таксама вельмі мала спажыўцоў звяртаюцца ў Беларусі па дапамогу. Гэтыя людзі зазвычай маюць грошы, яны не з дна грамадства. Складана казаць пра фізічную залежнасць, але вельмі моцная залежнасць ― псіхічная. Прыём рэчываў прыводзіць да цяжкіх дэпрэсій”.

-Ці маглі б вы дасціпна патлумачыць са сваёй медпрактыкі, як гэтыя псіхатропы ўплываюць на арганізм? Ці небяспечныя спажыўцы для грамадства? 

Урач-нарколаг: “Падчас прыёму назіраюцца пад’ём да дзейнасці, павышаная актыўнасць,параноя, агрэсія,прыступы панікі, галюцынацыі, псіхозы. І ў той жа час многія спажыўцы кіруюць аўтамабілямі, займаюць сацыяльна адказныя пазіцыі. Праблема і ў тым, што часта выявіць у арганізме спажыўца псіхатропныя рэчывы пасля курэння спайсу нельга ўжо праз суткі. Пасля спажывання “парашкоў” аналіз звычайна не выяўляе псіхатропныя рэчывы ўжо праз 3-4 сутак”.

-Напрыканцы мінулага года да 150 тысяч беларусаў маглі калоцца растворам з забруджанага насення маку. Ці можа быць колькасць спажыўцоў сінтэтычных псіхатропаў такая ж вялізная?

Урач-нарколаг: “Можа. Хоць падлічыць сапраўдную колькасць сёння нельга. Але праблема надзвычай вострая. Наступствы, якія яна прынясе, цяжка прадказаць”.

Чаму сайты, на якіх беларусам прадаюць псіхатропы, гадамі мазоляць вочы?

Як вядома, наркадылеры прадаюць сінтэтычныя псіхатропы у форме курыльных сумесяў, парашкоў, соляў і іншага. У інтэрнэце гэтыя рэчывы выдаюць за легальныя і бяспечныя. Многія маладыя людзі вераць у падман і ўцягваюцца ў залежнасць па самую макаўку.

Раней гэту “легалку” з поўным размахам, не хаваючыся, прадавалі праз інтэрнет-сайты і суполкі ў сацыяльных сетках. Гандляры пакідалі нумары тэлефонаў і з рук у рукі перадавалі спайсы і парашкі пакупнікам.

Так, у верасні 2011 года мы налічылі толькі на сайце vkontakte.ru 26 наркасуполак па продажы псіхатропаў.

Сёння тая бескантрольная сітуацыя змянілася. Навіны пра затрыманні псіхатропных наркагандляроў з’яўляюцца ледзь не штодня.

Набыць курыльныя сумесі і парашкі стала ў разы больш складана. У сацыяльных сетках мы знаходзім толькі лічаныя суполкі, якія па-ранейшаму працуюць. І там атруту збываюць праз “закладкі”, пакідаць нумары тэлефонаў у асноўным ужо баяцца.

Хоць адзінкавыя аб’явы, дзе малаадэкватныя маладзёны гатовыя сустрэцца і прадаць спайс, па-ранейшаму прысутнічаюць.

На галоўнай старонцы папулярнага сайта, дзе беларусам прадаюць псіхатропы, ужо некалькі тыдняў напісана “Не працуем”.

Скрын-шот з наркасайта
Скрын-шот з наркасайта

Дарэчы, гэты рэсурс мазоліў вочы не менш за чатыры гады. Многіх здзіўляла, што з буйной наркагрупоўкай, якая выкарыстоўвала папулярны сайт, не маглі разабрацца. Хадзілі чуткі, што гэтых наркагандляроў пакрывае нехта з вярхоў.

Пытанне пра нахабную працу такіх сайтаў мы афіцыйным запытам накіравалі ў КДБ Беларусі. Але адказу цягам амаль двух месяцаў так і не атрымалі.

У Міністэрстве ўнутраных спраў патлумачылі, што “асноўныя інтэрнет-рэсурсы, якімі карыстаюцца наркаспажыўцы, па ініцыятыве МУС Рэспублікі Беларусь уключаны ў спіс абмежаванага доступу. Аднак серверы, на якіх ажыццяўляецца хостынг, фізічна размешчаны па-за межамі тэрыторыі Беларусі”.

З-за гэтага сайты і мазоляць вочы.

Якім чынам міліцыя плануе на 90% перакрыць пастаўкі “легалкі”?

Сінтэтычныя псіхатропы перыядычна ўключаюць у “Рэспубліканскі пералік наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх прэкурсораў”.

У канцы студзеня гэты спіс пашырыўся на 30 новых адзінак. Адразу ж пачаліся масавыя затрыманні дылераў.

Але ў кітайскіх наркалабараторыях прадукуюць свежыя рэчывы па іншых формулах. Новыя спайсы і эйфарыйныя парашкі завозяць у Беларусь. І пакуль іх цягам месяцаў уключаюць у “Рэспубліканскі пералік”, наркадылеры выкарыстоўваюць гэты час і гандлююць атрутай без рызыкі пазбаўлення волі. І гэта вострая міжнародная праблема.

Міністэрства ўнутраных спраў паведаміла пра магчымыя будучыя змены ў заканадаўстве, якія могуць сакрушальна ударыць па наркадылерах.

Раней у заканадаўства ўвялі паняцце “аналагі наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў”. Але далёка не кожны новы сінтэтычны псіхатроп трапляў пад катэгорыю “аналагу”.

“У 2014 годзе МУС запланавала перапрацаваць Закон “Аб наркатычных сродках, псіхатропных рэчывах, іх прэкурсорах і аналагах” і дадаць яго новым паняццем “базавыя хімічныя структуры”. Плануецца, што пасля такіх заканадаўчых змен больш з 90% новых псіхатропных рэчываў будуць адносіцца да аналагаў наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, што істотна павысіць эфектыўнасць барацьбы з распаўсюджваннем”, ― паведамілі ў МУС.

Наша грамадства пакуль цьмяна ўяўляе маштабы небяспекі. А хворыя на залежнасць беларусы, якія распавядалі пра сваю бяду, у адзін голас наракалі на даступнасць сінтэтычных псіхатропаў і іх танны кошт.

Мера, якую прапаноўвае міліцыя, выглядае жорсткай і нават радыкальнай.