Раней, паводле беларускіх законаў, утрыманне стронцыю-90 у малацэ не магло перавышаць 3,7 бекерэля на кілаграм. Паводле новага тэхрэгламенту Мытнага саюза, дазваляецца ўжо… 20 бк/кг. Адбылося больш як пяціразовае паслабленне нормы.

Дагэтуль у дзіцячым харчаванні дазвалялася наяўнасць не больш як 1,85 бк/кг. А паводле новых нарматываў Мытнага саюзу можа быць 25 бк/кг (паслабленне больш як у 13 разоў). І гэта для такога прадукту! Як вядома, стронцый вельмі хутка накопліваецца менавіта ў дзіцячым арганізме, калі фармуецца косная тканка.

Такія “ліберальныя” змены дазволіў тэхрэгламент Мытнага саюза №880, які набыў моц з 1 ліпеня гэтага года. Праблема тычыцца выключна стронцыю. Нормы па цэзіі-137 прыкладна такія ж, як у нас.

Аб праблеме было вядома яшчэ ўвесну. Пасля выхаду рэпартажу пра стронцый у бульбе, купленай у жыхаркі Валожынскага раёна, мы яшчэ раз пераправерылі харчовыя прадукты у розных лабараторыях. Даследаванні малака, тапінамбура і шчаўя паказалі радыяцыйную чысціню. А вось у бульбе з Валожынскага раёна Мінскі гарадскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі выявіў канцэнтрацыю стронцыю да 22,27 бк/кг. Паводле рэспубліканскіх нормаў 1999 года, якія не адменены,  гэта шасціразовае перавышэнне. Але лабараторыя, спаслаўшыся на заканадаўства Мытнага саюза, трактавала гэту лічбу як норму.

Исследование картофеля, который
Исследование картофеля, который "светится" от стронция

Чаму нормы Мытнага саюзу і нормы беларускія ў плане радыяцыі так адрозніваюцца? Яшчэ ў траўні гэтага года мы звярнуліся з пытаннем у Дэпартамент  па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

“Беларусь, Расія і Казахстан у межах Мытнага саюзу дамовіліся карыстацца адзінымі патрабаваннямі. Частку з іх рыхтаваў адзін бок, частку — другі, частку ― трэці. І кожны бок кіраваўся той сітуацыяй, якая ёсць у яго краіне, ― апісвае сітуацыю Дзмітрый Паўлаў, начальнік упраўлення рэабілітацыі пацярпелых тэрыторый. ― Таму па пытанні наконт радыяцыі ў прадуктах харчавання ўзнікла сур’ёзная праблема. Гэтым займаліся расіяне, для якіх наяўнасць стронцыю не настолькі актуальная. У выніку нормы пераважна зрабілі такімі, як у Расіі. Не ўлічылі, што выпадзенне стронцыю было больш характэрна для нашай краіны”.

Можа быць, беларускія нормы празмерна жорсткія?

Дзмітрый Паўлаў: “Калі яны распрацоўваліся, браўся сярэдні рацыён харчавання беларусаў па стане на 1998 год. Зыходзячы з рацыёну, разлічвалася, колькі радыенуклідаў трапляе ў арганізм. Паступленне іх з харчаваннем не павінна было перавышаць 0,98 мілізіверта ў год. Пералічвалі ўсё, з добрым запасам трываласці. Пры гэтым стварылі добрую сістэму радыяцыйнай бяспекі, якая гарантавала высокі працэнт верагоднасці, што  паступленне радыенуклідаў у арганізм беларусаў адсутнічае. На выкананне ўсіх абарончых мерапрыемстваў, звязаных з пераадоленнем наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, у краіне трацяцца вялікія грошы ― прыкладна мільён долараў у дзень. Але затое мы ўпэўнены, што ўзровень радыяцыйнай бяспекі насельніцтва забяспечаны. У нас паспяхова вырабляецца прадукцыя, якая адпавядае жорсткім нормам”.

Экспрэс-даследаванне малака на стронцый
Экспрэс-даследаванне малака на стронцый

Даследаванні прадуктаў на стронцый-90 абыходзяцца нятанна. Выходзіць, што нормы Мытнага саюза толькі аблегчаць жыццё нашым прадпрыемствам харчовай прамысловасці…

Дзмітрый Паўлаў: “Насамрэч зніжэнне ўзроўню радыяцыйнай бяспекі супярэчыць інтарэсам дзяржавы і кожнага канкрэтнага жыхара. Таксама гэта штучнае зніжэнне негатыўна адаб’ецца на канкурэнтаздольнасці нашай прадукцыі харчавання.  Такі фактар можа быць выкарыстаны канкурэнтамі. Пытанне актуальна і для тых расіян і казахстанцаў, якія захочуць гандляваць харчовай прадукцыяй у Беларусі. Важна тэрмінова прыняць меры і зняць пытанне двайнога нарміравання заканадаўства. Важна захаваць інтарэсы нашых грамадзян”.

Атрымалася сітуацыя, што і звычайнаму беларусу і дасведчанаму радыёлагу сёння не зразумела, якімі дакументамі кіравацца. З аднаго боку, наш РДУ-99 не адменены, з іншага ― тэхрэгламент Мытнага саюзу дыктуе новыя правілы. І калі б тэарэтычна на той жа расійскі ці казахстанскі рынак пастаўлялі забруджаную прадукцыю з Беларусі (што сёння малаверагодна дзякуючы нашым жорсткім нормам), то спажыўцы наўрад ці былі б ад гэтага ў захапленні. 

Як стала вядома Еўрарадыё, многія кампетэнтныя  ведамствы ў Беларусі крытыкуюць новы закон. Але ці адважацца беларускія чыноўнікі папракнуць расійскіх калег і вынесці на разгляд нязручнае пытанне?

Даведка

Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Беларусь у пераважнай большасці забрудзілі радыенукліды цэзій-137 і стронцый-90, якія маюць розную лятучасць.

Экспрэс-даследаванне зямлі на стронцый
Экспрэс-даследаванне зямлі на стронцый

Цэзій распаўсюдзіўся плямамі на сотні і тысячы кіламетраў. Ён менш небяспечны, таму што можа накоплівацца ў мяккіх тканках чалавека і выводзіцца праз месяцы. Праверыць прадукцыю харчавання на наяўнасць цэзію можна за 15 хвілін у сотнях беларускіх лабараторый, якія ёсць нават на звычайных рынках.

Стронцый жа мог распаўсюдзіцца плямамі на дзясяткі і сотні кіламетраў. Ён накопліваецца ў касцях і цяжка выводзіцца. Паводле афіцыйных звестак, пацярпелі  Хойніцкі, Брагінскі, Нараўлянскі, Веткаўскі і Чэрыкаўскі раёны. Таму інфармацыя пра забруджаную бульбу на Валожыншчыне (лічы, цэнтр Беларусі) выглядае сенсацыйна. Верагодна, прадукт мог быць завезены з забруджанай тэрыторыі. Па гэтым пытанні дагэтуль вядзецца разбор. З іншага боку, дазіметрыя (вывучае магчымую шкоду, якую радыяцыя можа нанесці чалавеку)  — маладая навука, і не ўсе звесткі могуць быць вядомы спецыялістам. Даследаванні на стронцый — нятанная і доўгатэрміновая працэдура. Гэтым займаюцца лічаныя лабараторыі. І 15 хвілін для выніку недастаткова, часам можна не ўкласціся ў тыдзень.

Загалоўнае фота РИА НОВОСТИ