Латок з сувенірнай прадукцыяй паставілі ў “Кароне-Уручча” напярэдадні Дня перамогі-2017. На рэкламным стэндзе размешчаная аб’ява: 50% з продажаў ад магніцікаў і “георгіеўскіх стужак” пойдуць на патрэбы аб’яднання ветэранаў.  

Латок с георгіеўскімі стужкамі ў гіпермаркеце
Той самы латок з "георгіеўскімі стужкамі" ў гіпермаркеце "Карона-Уручча"

Яны нашы арандатары. У іх падпісаная дамова з ветэранамі аб адлічэннях. На падставе гэтага дакумента яны арэндавалі ў нас плошчу і ўсё гэта прадаюць, – паведамляюць у кол-цэнтры “Кароны-Уручча”.

Высвятляем,  што Мінская гарадская арганізацыя Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў сапраўды падпісала дамову з прадпрымальнікамі, якія паставілі латок у “Кароне-Уручча”. 

Мы не абгаворвалі пытанне, што яны будуць прадаваць: георгіеўскія стужкі ці нешта яшчэ. Размовы пра тое, што гэта набывае форму палітычнай афарбоўкі, не было, – раскрывае дэталі Анатоль Адоньеў,  старшыня Мінскай гарадской арганізацыі ветэранаў. – Яны сапраўды звярталіся сюды да нас. Сказалі, што хочуць нас падтрымаць. З тых продажаў, якія яны будуць здзяйсняць, 50% пойдзе на заахвочванне ветэранаў. Калі гэта сапраўды будзе так, то мы супраць такой акцыі не выступаем. Ініцыятыва добрая, але мы павінны пабачыць вынік.  

Бутаньеркі на супрацоўніцах
Бутаньеркі на супрацоўніцах "Беларусбанка" і гіпермаркета "Гиппо" напярэдадні Дня Перамогі-2017

За 4 дні працы латка ветэранам ўжо адлічаны “працэнт”. Гэта аж… 150 беларускіх рублёў. Прадпрымальнікі працягваюць руплівую працу, каб да 9 мая пералічыць у ветэранскую арганізацыю як мінімум такую ж суму.

Знаходзім той самы латок. Ён стаіць у холе “Кароны”, побач з бістро “Піт STOP” і туалетамі. У латку папярэджваюць, што адлічэнні ветэранам ідуць толькі ад продажаў “георгіеўскіх стужак” (адна каштуе 1,5 рублі). Вось толькі самі ветэраны пра гэтыя дэталі, калі верыць іх старшыні, не ведаюць.  

–А колькі стужак прадаяцё за дзень? Штук сто? – цікавімся ў прадаўца.

Нешта блізу таго (у такім разе адлічэнні ветэранам за 4 дні павінны былі скласці каля 300 рублёў – “Факт”).

–Супрацоўнікі “Кароны” ў вас нічога не куплялі? А то ходзяць з бутаньеркамі ў колер дзяржаўнага сцяга.

–Нам скардзяцца, што афіцыйныя ўстановы атрымалі рэкамендыцыі не выкарыстоўваць “георгіеўскую стужку”. А рэкамендацыя ў Беларусі – роўная забароне. 

–Як да вас ставяцца людзі?

–Нехта падтрымлівае. А нехта наязджае.

Прама падчас гэтай гутаркі да латка падыходзіць мужчына сярэдняга веку, з усмешкай разглядае налепку “На Берлин”, кажа “Што гэта ў нас тут за рускі мір!” і сыходзіць.  

–Дарэчы, такі таварыш ў нас тут сёння першы! – запэўнівае прадавец. 

Прадукцыя, купленая ў латку. Налепку
Прадукцыя, купленая ў латку. Налепку "На Берлін" некаторыя дурні лепяць на "БМВ", "Опелі", "Таёты" і "Нісаны". Але праўда ў тым, што нацысты і іх саюзнікі ваявалі на гэтых аўто супраць Чырвонай арміі

Не спяшайцеся называць іпэшнікаў, якія паставілі латок у “Кароне”, “ватнікамі”. Справа ў тым, што амаль ўсе беларускія канторы, якія прадаюць налепкі на аўто, прапаноўваюць перад 9 мая такую ж прадукцыю. А то і больш правакацыйную.

Дзень Перамогі – гэта сезон. За тыдзень можна зарабіць чыстымі і 1000, і 2000 і 3000 долараў. Усё залежыць ад месца. “Карона” – вельмі добрае месца, – кажа Сяргей Я., жыхар Мінска, які займаецца вырабленнем і продажам налепак на аўто. 

Дарэчы, чаму за 4 дні працы ветэранам пералічылі ўсяго 150 рублёў?  Касавы апарат у таварышаў з “Кароны” маецца, але адгадайце з трох разоў, ці выдаюць “нашы” прадпрымальнікі чэкі?:) У холе “Кароны”, дарэчы, стаяць  камеры. Ды і праверыць бухгалтэрыю латка, супаставіць яе з адлічэннямі ветэранам было б не складана.

Чаму “георгіеўская стужка” выклікае такую рэакцыю?

Справа ў тым, што гэта – спрэчны сімвал. У часы Расійскай імперыі ён меў хрысціянска-вайсковы сэнс. За часамі Вялікай Айчыннай вайны камуністы перайменавалі стужку ў “гвардзейскую”, але ключавым сімвалам перамогі над нацыстамі яна не была. Раскручваць “георгіеўскую стужку” пачалі ў Расіі ўжо ў пуцінскую эпоху. Яна стала паўнавартасным сімвалам сепаратыстаў падчас вайны на Усходзе Украіны.