Апублікавана на сайце "Еўрапейскага радыё для Беларусі" 08.11.2013

У апошнія дні верасня выпраўляемся на адзін са сталічных рынкаў. Тут гадамі працуе знакамітая кропка, дзе наркаспажыўцам прадаюць забруджанае насенне маку. Праводзім закупку. Працэс запісваем на схаваную камеру.

― Жанчына, 250 грамаў, ― пытаемся ў прадаўца, нават не прамаўляючы слова “мак”.

― Толькі 300, ― адказвае яна паўшэптам, паказваючы на ўжо прыгатаваныя для опійнага насення чорныя пакецікі.

― Давайце 300.

Прадаўшчыца бярэ 120 тысяч рублёў (400 тысяч за кг) і высоўвае чорны поліэтыленавы скрутак з насеннем маку. З 300 грамаў, па словах спажыўцоў, можна прыгатаваць адну дозу наркатычнай “шыркі”.

Экспертыза

Пакупку спрабуем здаць на экспертызу і праверыць наконт наяўнасці опійнай прапіткі.

Тут нас чакае сюрпрыз. Хоць з забруджанага опіем насення і колецца цэлая армія спажыўцоў, правесці яго экспертызу на наяўнасць забароненых рэчываў у Беларусі не могуць. Адпаведная канвенцыя ААН забараняе лічыць любое насенне маку наркотыкам. Гэтым цудоўна скарысталіся наркавытворцы. Вядома, што спачатку партыі “бубак”, якія прыходзілі ў Беларусь, былі прапітаныя кадэінам і тэбаінам. Да таго ж, на жаль, наркаспажыўцы ўмеюць выцягваць апіоіды з любога насення маку, якое не прайшло спецыяльную тэрмічную апрацоўку. Не патрэбныя нават дамешкі макавай саломкі.

“Пытанне вельмі слізкае, і ніхто не ведае, дзе паставіць мяжу, ― тлумачыць Аляксандр Нявера, кіраўнік аддзела даследаванняў наркотыкаў Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз. ― Даследаванне робіцца строга паводле методыкі. Ёсць у насенні дамешкі ― значыцца, ёсць праблема (у тым насенні маку, якое закупілі мы, дамешкаў няма, ― Еўрарадыё). Да таго ж, экспертызы насення маку мы робім ў выключных выпадках. Усяго некалькі разоў на год. І гэтыя экспертызы завісаюць на працяглы тэрмін ― да 12 месяцаў”.

У адным з абласных наркадыспансераў Еўрарадыё паказалі нядаўняе даследаванне мачы аднаго з вадзіцеляў ― спажыўца “бубак”. Была выяўленая наяўнасць марфіну, кадэіну і неапіну.

Вось і атрымліваецца, што даследаваць забруджанае насенне маку, у якім няма дамешкаў саломы, у нас немагчыма. А спажыўцы спрытна дабываюць з наркатычнай сыравіны адзін з саамы[ небяспечных наркотыкаў.

Усё, што ў нас атрымалася, здаць закупленае насенне ў Дзяржаўную хлебную інспекцыю, праверыць яго на адпаведнасць дзяржаўным стандартам. У лабараторыі нам патлумачылі, што знешне насенне вельмі падобнае на харчовы мак. Нават на смак гарката не адчуваецца. Аднак паглыбленае даследаванне канстатавала перавышэнне вільготнасці і невялікую наяўнасць дамешкаў макавай саломы. Таму прадаваць такое насенне ці пячы з яго булачкі ― нельга.

Экспертыза мачы бубачнага наркаспажыўца
Экспертиза мочи бубочного наркопотребителя

Трапіць у наркапрытон аказалася няпростай задачай. Дапамагчы ў гэтым пытанні нам не змаглі ні былыя спажыўцы, ні грамадскія арганізацыі, якія аказваюць дапамогу залежным людзям.

Аднак цягам месяца знаходзім людзей, якія пагадзіліся правесці сваё даследаванне маку. Перад тым, як наведаць “варачны адрас” (месца, дзе гатуюць наркотык), хлопцы купляюць на той самай кропцы на рынку 300 грамаў маку, пасля выклікаюць наркатаксі і набываюць яшчэ столькі ж. Потым набываюць літр растваральніка беларускай вытворчасці і прыступаюць да непасрэднага працэсу.

Гатуючы “шырку”, Валодзя і Саша (так завуць спажыўцоў) распавядаюць пра свае лёсы, даволі падобныя. Абодва ― сябры. Колюцца прыкладна па пяць гадоў і пакуль жывыя, хоць многія іх “паплечнікі” памерлі. У Сашы, дарэчы, вышэйшая эканамічная адукацыя.

У абодвух сяброў ― ВІЧ і гепатыт, абодва ствараюць уражанне не самых кепскіх людзей, але маюць па некалькі крымінальных тэрмінаў за крадзяжы.

“А як інакш? Цягне так моцна, што адключаюцца мазгі. На “бубкі” трэба 1000 долараў у месяц, ― распавядае Валодзя, ставячы на пліту растваральнік. ― Сёння я працую на будоўлі і так-сяк перабіваюся. Выйсці з сістэмы не магу. Ты не можаш сабе нават уявіць, як гэта цяжка! Толькі калі гэту заразу прыбяруць з вуліц, можна будзе навесці парадак”, ― скардзіцца мужчына на насенне, з яго ж гатуючы “шырку”.

Увесь працэс заняў 39 хвілін, апісваць методыку не будзем. Але патрэбна для прыгатавання “шыркі” няшмат: бубкі, пару металічных пасудзін і некалькі даступных інгрэдыентаў. Вось і ўся наркалабараторыя.

У выніку атрымаўся раствор малочна-рудога колеру. Яго Валодзя “заганяе” сабе ў пах ― на руках усе вены сколатыя. Мужчына ссоўваецца на крэсла, яго маўленне запавольваецца, позірк губляе канцэнтрацыю…

Па словах наркаспажыўцоў, мак на рынку такі ж самы, як і ў наркатаксіста.

“А мак, які дадаюць у булачкі, ― беспантовы. Пасля тэрмічнай апрацоўкі з яго нічога не “зварыш”, мы спрабавалі”, ― рэзюмуе Саша.

Прыгатаванне опійнай "шыркі" ў наркапрытоне
Приготовление опийной "ширки" в наркопритоне

Сапраўдная колькасць “бубачных” спажыўцоў у Беларусі ― 130-150 тысяч чалавек

Беларусаў падсаджвалі на “бубкі” цынічна і здзекліва. Першае забруджанае насенне з’явілася на нашым рынку ў 2004 годзе, прадавалася праз… крамы. Потым ― на рынках, у палатках з бакалеяй.

Чыноўнікі настойліва не бачылі праблемы. У мінулым годзе цягам прыёму ў намесніка міністра гандлю мы паскардзіліся на самую папулярную “бубачную” кропку, якая функцыянуе на вуліцы Кульман. Пра гэты рассаднік наркаманіі перадавалі нават дзяржаўныя СМІ. Але Мінгандлю ў афіцыйным адказе паведаміла, што гандлёвых аб’ектаў, дзе б прадавалі наркотыкі, выяўлена не было.

У 2008-м годзе Цэнтр маніторынгу за наркаспажываннем (функцыянуе пры Гродзенскім дзяржаўным медуніверсітэце) апублікаваў сапраўдныя лічбы па ін’екцыйных наркаспажыўцах ― 76,3 тысяч чалавек. На той момант колькасць тых, якія стаялі на ўліку афіцыйна, была каля 7,4 тысяч. У 2013-м годзе кіраўнік Цэнтра ў парушэнне закону “Аб звароце грамадзян” адмовіўся падаваць Еўрарадыё сапраўдныя лічбы па ін’екцыйных наркаспажыўцах.

Але ацаніць колькасць “бубачнікаў” нескладана. Калі афіцыйна на ўліку стаіць каля 15,5 тысяч чалавек, то сапраўдная колькасць ін’екцыйных спажыўцоў ― каля 150 тысяч(!) чалавек. У кампетэнтных праваахоўных органах гэтую лічбу для Еўрарадыё ацанілі ў 130 тысяч. Для параўнання, гэта больш, чым усё насельніцтва Оршы.

Хто не дае антымакаваму дэкрэту набыць моц?

Адзінае ведамства, якое адкрыта і публічна змагалася з распаўсюджваннем “бубак”, ― гэта Міністэрства ўнутраных спраў. Міліцыя аказалася ў ідыёцкай сітуацыі. Разабрацца з дылерамі ведамства не можа, бо насенне не з’яўляецца наркотыкам. Прыцягнуць іх магчыма толькі за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць, даць штраф, які адаб’ецца за паўдня працы.

Застаецца толькі затрымліваць звычайных наркаспажыўцоў у прытонах.

У мінулым годзе кіраўніцтва МУС ініцыявала падрыхтоўку антымакавага дэкрэту. Міліцыю падтрымалі некаторыя іншыя ведамствы і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. У прыватнасці ― Зінаіда Мандроўская.

У афіцыйным адказе з МУС Еўрарадыё патлумачылі, што праект дэкрэта прадугледжвае “жорсткую рэгламентацыю ўвозу насення маку ў Беларусь і правілаў яго рэалізацыі”.

Прасцей кажучы, прапаноўваецца ўвесці дзяржманаполію на насенне. Плануецца, што прадаваць мак змогуць толькі тым прадпрыемствам, якія займаюцца хлебабулачнай вытворчасцю. Усё насенне плануюць пускаць пад тэрмаапрацоўку, прыгатаваць з яго наркотык будзе немагчыма. А за продаж маку фізічным асобам прадугледжваюцца штрафы ад 1000 да 8000 еўра з канфіскацыяй транспартных сродкаў і месцаў захоўвання.

Але, як многія прагназавалі, дэкрэт так і не быў падпісаны. Хоць яго і ўзгаднілі, здавалася б, усе зацікаўленыя ведамствы, нават Савет міністраў.

Сілы, якія не даюць разабрацца з “бубачнай праблемай”, называюць макавым лобі. Але хто гэтыя людзі ― ніхто з журналістаў і грамадскіх актывістаў не ведае.

Паведамлялася, што дэкрэт завіс падчас экспертызы ў Нацыянальным цэнтры заканадаўства і прававых даследаванняў, які функцыянуе пры Адміністрацыі прэзідэнта. Еўрарадыё атрымала з цэнтра адказ на афіцыйны зварот.

“Правядзенне экспертызы праектаў нарматыўных прававых актаў Кіраўніка дзяржавы, роўна як і зацвярджэнне праектаў такіх актаў, не ўваходзіць у кампетэнцыю цэнтра”, ― пазначана ў дакуменце за подпісам дырэктара Цэнтра Вадзіма Іпатава.

Выклікае адначасова ўсмешку і роспач іншы факт. Беларусь ― гэта акурат тая краіна, дзе можна прыняць нават самыя неадназначныя законы. Але як толькі гутарка зайшла пра забарону наркатычнага насення маку, некаторыя асобы загаварылі пра “юрыдычныя акалічнасці”. Спрачаліся наконт канфіскацыі ў макавых дылераў аўтатранспарту і месцаў захоўвання ― складаў, гаражоў, кватэр. Вось і атрымліваецца, што ў п’яных кіроўцаў аўтамабілі канфіскоўваюць, а ў дылераў — не (нават самы дробны наркатаксіст за 15 працоўных дзён зарабляе да 3 тысяч долараў прыбытку).

Наіўна думаць, што прычына непадпісання антымакавага дэкрэту ў “юрыдычных акалічнасцях”, а не ў чыёйсьці асабістай зацікаўленасці. Хоць дакладна сказаць, хто ў Беларусі з’яўляецца тым самым макавым лобі, мы не можам. Такой інфармацыяй не валодаем.

Вядома адно. У краіне ― крытычная колькасць “бубачных” наркаспажыўцоў, якія за паўгадзіны гатуюць з насення жахлівы наркотык. Сыравіна для наркотыку дагэтуль свабодна прадаецца. Жыццёва важны для нацыі закон падрыхтавалі, а ходу яму не даюць. 

 
Беларусь. Ін'екцыйныя наркаспажыўцы
Create your own infographics

“Бубачнікі” кіруюць аўтамабілямі і вымушаныя красці, каб купляць жыццёва важнае для іх насенне. А з усіх спажыўцоў да нармальнага жыцця вяртаюцца адзінкі ― ад 1 да 2 працэнтаў кідаюць і не спажываюць атруту цягам пяці гадоў. 10% ― трымаюцца цягам аднаго года, але потым усё роўна колюцца.

Спадзяемся, што ў вайне за дэкрэт, у бітве сумленных чыноўнікаў са злом пераможа справядлівасць. І прыніжальная “бубачная” наркатызацыя Беларусі спыніцца.