Нядаўна гісторыю Дар’і Бяловай абмяркоўвалі ў эфіры ток-шоў “Кожны з нас” (глядзіце відэа з 25.55). Паралельна з выхадам гэтай праграмы мінская міліцыя паведаміла, што ў адносінах да Бяловай распачалі яшчэ адну крымінальную справу за… арганізацыю і выкарыстанне заняткаў прастытуцыяй (артыкул 171 крымінальнага кодэкса).

У інтэрв’ю “Анлайнеру” ананімны прадстаўнік міліцыі абяцае, што дзяўчына гарантавана прасядзіць у вязніцы не 12 год, а больш.

Але праўда ў тым, што крымінальная справа па названым артыкуле ў дачыненні да Бяловай была распачатая не зараз, а больш за год таму.  Ужо ідзе суд. Таму прэс-рэліз на міліцэйскім сайце выглядае маніпуляцыяй. Хутчэй за ўсё, ў справе з’явіліся новыя эпізоды. Гэтым і скарысталася ГУУС Мінгарвыканкама, каб распаўсюдзіць свой пратэрмінаваны прадукт у СМІ паралельна з выхадам ток-шоў “Кожны з нас”.  

“Дар’я сапраўды прадала мяне ў гэты клуб. Але на судзе я сказала, што яна ні пры чым”

Паводле міліцэйскай версіі, Дар’я Бялова супрацоўнічала з паўночнакіпрскім клубам Golden Girls. Яна наладзіла туды паступленне дзяўчат з Беларусі і з многіх іншых краін. Небаракі думалі, што будуць усяго толькі стрыптызёршамі. Але рэчаіснасць аказалася жорсткай. Дзяўчат змушалі аказваць сэкс-паслугі. З грашыма іх таксама падманвалі, у кактэйлі ім падмешвалі наркотыкі і г.д.

Верыць міліцыі бывае наіўна. Прыйсці на суд нельга – працэс закрыты. Таму бюро “Факт” вырашыла знайсці некалькіх былых супрацоўніц Golden Girls і пачуць усю гісторыю з першых вуснаў.

–Я Дар'ю ўвогуле не ведаю. Чалавека ўпершыню ў судзе пабачыла, – кажа Ганна (імя крыніцы зменена ў мэтах яе бяспекі – “Факт”). – Маё асабістае меркаванне: нікога яна не прымушала, да яе самі звярталіся. Хапае ў нас дзяўчат, якія гатовыя за грошы ехаць куды-заўгодна і рабіць што-заўгодна.   

Такія інтэр'еры клуба Golden Girls размяшчаліся ў вярбовачных аб'явах
Такія інтэр'еры клуба Golden Girls размяшчаліся ў вярбовачных аб'явах

Самая галоўная “пацярпелая”, якая выступіла ў судзе, – гэта Настасся Л.. 

Знайсці гэту дзяўчыну аказалася нескладана. Некалькі год таму адна з дзяржаўных газет напісала пра яе ўдзел у конкурсе прыгажосці “Міс Спажыўкааперацыя”, у артыкуле быў указаны і родны горад Настассі. Далейшыя пошукі – справа тэхнікі.

Прызнаемся, што, на першы погляд, Настасся Л. зусім не падобная на ахвяру. Яна фігуруе з Дар’яй Бяловай на многіх сяброўскіх фотаздымках. Напрыклад, на гэтым. 

Дар'я Бялова (злева) і Настасся Л.
Дар'я Бялова (злева) і Настасся Л.

Больш за тое, калі Дар’ю Бялову ўжо затрымалі ў Мінску за таблеткі экстазі, то прыкладна праз некалькі месяцаў ёй праз сацыяльныя сеткі прышло надзвычай цёплае сяброўскае пасланне з акаўнта Настассі Л..

“Я буду з табой і ніколі табе не здраджу”, – было напісана ў пасланні сярод іншага.  Лепш паглядзіце на гэта самі. 

Паведамленні, якія
Паведамленні, якія "пацярпелая" дасылала Дар'і Бяловай

– Гэта вы напісалі Дар'і Бяловай такія цёплыя словы? – цікавімся ў Настассі Л..

–Вы ж бачыце.

–Нешта не вяжацца. У межах суда вы пацярпелая. Але пішаце такое шчымлівае пасланне. Вы нешта ўстойваеце?

–Я нічога не ўтойваю, я была прастытуткай і не саромлюся гэтага.

–Мы пра іншае, ці прымусіў вас нехта “грузіць” Дар’ю ў судзе?

–Мяне ніхто не прымушаў. Калі вас нешта цікавіць, можаце стэлефанавацца з маім следчым. Як аказалася, Даря сапраўды прадала мяне ў гэты клуб. Пра  гэта я даведалася пазней. Былі разліковыя квіткі за мяне, пераводы. Але на судзе я сказала, што яна ні пры чым, што гэта я сама папрасіла. І ў матэрыялах справы я кажу, што сама паехала і яна мяне не ўгаворвала… 

Дырэктар клуба Golden Girls: “Дарына ніколі нікога не прадавала. У турме павінна сядзець Настасся Л.”

Не маўчыць і Рамадан (Ramadan Özsütçüoğlu) – муж Дар’і Бяловай і былы дырэктар таго самага клуба Golden Girls, куды, паводле версіі праваахоўнікаў, падманным шляхам заманьвалі ў прастытуцыю.

У Рамадана свая версія. Ён лічыць, што за кратамі павінна сядзець не яго жонка, а якраз-такі Настасся Л..

– Яшчэ нядаўна яна была лепшай сяброўкай Дарыны (так Рамадан называе жонку – бюро “Факт”). У мяне з Л. таксама былі цудоўныя адносіны. Праблемы пачаліся, калі яна пазнаёмілася на Кіпры з адным вельмі дрэнным чалавекам, яго завуць Хан, – апавядае Рамадан. – Калі ў Golden Girls у Настассі Л. скончыўся кантракт, яна вырашыла з прастытуткі пераўтварыцца ў мэнэджара. Скончылася ўсё тым, што прадала ў Турцыю дзвюх беларусак. Сэкс-бізнэс у Турцыі – нелегальны, гэта вам не Паўночны Кіпр. У тых дзвюх беларусак здарыліся сур’ёзныя праблемы. Яны ледзь ацалелі. Справай зацікавіўся інтэрпол. Настассю Л. затрымалі ў Беларусі. 

Рамадан і Дарына. Фота з сямейнага архіву
Рамадан і Дарына. Фота з сямейнага архіву

–Калі верыць у вашу версію, то чаму Настасся Л. пасля такога на волі, а ваша жонка ў вязніцы?

Л. перакінула ўсю вінаватасць на маю жонку і ні дня не правяла ў беларускай турме. Магчыма, яна мае сяброў у беларускай міліцыі. Я лічу, што гэта яна зладзіла правакацыю і падгаварыла Дарыну прывезці ў Беларусь экстазі. У той час Дарына даведалася, што не можа мець дзяцей, была ў дэпрэсіі, сапраўды прымала экстазі. Але мая жонка ніколі нікога не прадавала. Я перакананы, што і на судзе ніхто апроч Настассі Л. на яе не стане нагаворваць…

Дарэчы, Настасся Л. прызналася бюро “Факт”, што пасля выступу ў судзе яе чакаў непрыемны сюрпрыз. У дачыненні да яе самой аднавілі крымінальную справу па тым жа 171 артыкуле крымінальнага кодэкса (“Арганізацыя і выкарыстанне заняткаў прастытуцыяй”). Відаць, маецца на ўвазе гісторыя, звязаная з вярбоўкай у Турцыю дзвюх беларусак. 

“Гэта пякельнае месца”. Чым дзяўчаты насамрэч займаліся ў Golden Girls?

Паводле слоў Рамадана, супрацоўніцы клуба працавалі легальна і ў бяспецы. Не спадабалася праца – можна вяртацца дадому хоць на другі дзень пасля прылёту. Не спадабаўся кліент – з ім можна не спаць. Заробкі маглі дасягаць 2500 долараў на тыдзень. 

Што ж кажуць самі “артысткі балету” з клуба Golden Girls?

Усю атмасферу на расійскім форуме “Эскорт без палева” апісала адна з былых супрацоўніц (псеўданім гэтай расійскай дзяўчыны Боня). 

Скрын-шот з форуму
Скрын-шот з форуму "Эскорт без палева"

Звяратемся да Боні наўпрост. Просім удакладніць інфармацыю пра рэальныя заробкі ў клубе.

Пры мне нікога не падманвалі. Але грошы адтуль увазілі малыя – каля 11 тысяч долараў за 4-6 месяцаў, – уздыхае дзяўчына. – Магло б быць значна больш, але шмат выцягвалі шпіталь і жыллё. А працавалі мы так, што на сон заставалася 2-3 гадзіны, калі пашанцуе. Карацей, месца для працы непрымальнае. Але многія дзяўчаты па сваёй волі прыязджалі туды і ў другі, і ў трэці раз…

Мяркуйце самі, ці варта называць працу ў Golden Girls рабствам ці суцэльным падманам.

Расійскі след: хто вербаваў прастытутак у Golden Girls?

–Я паехала на Кіпр праз Максіма. Ён пазіцыянаваў сябе як расіянін, – узгадвае былая супрацоўніца Golden Girls Ганна.

–Абсалютна ўсе дзяўчаты, у тым ліку мая жонка Дарына, трапілі ў клуб Golden Girls праз Максіма, – запэўнівае Рамадан. – Гэты чалавек пастаянна мяняў старонкі ў сацсетках, прамога кантакту ў мяне з ім не было. 

Скрын-шот з сайта eurabota.com
Скрын-шот з сайта eurabota.com

Аб’яваў з прапановамі працы ў Golden Girls, якія б адкрыта выстаўляла Дар’я Бялова, у інтэрнэце сапраўды няма. Амаль усё сапраўды размяшчаў нейкі Максім. Пры гэтым вярбоўшчык неабачліва пакідаў для сувязі адзін і той жа расійскі тэлефонны нумар. Аўтар, падпісваў сябе па-рознаму: калі “Максім”, калі “Максім Максімаў”, калі “Арлоў Максім Валер’евіч”. 

Адна з вярбовачных аб'яваў
Адна з вярбовачных аб'яваў

Вы не паверыце, але Максім – з вялікай доляй верагоднасці сапраўднае імя. Той жа самы расійскі тэлефонны нумар быў некалькі разоў выстаўлены ў аб’явах аб пошуку працы…для інвалідаў у Санкт-Пецярбургу. Толькі ў гэтых выпадках чалавек падпісваўся як Максім Сакалоў. Прасіў, дарэчы, не такую ўжо і высокую зарплату – 20000 расійскіх рублёў (на той момант каля 260 долараў ЗША).

Скрын-шот з сайта vk.com. Нумар Максіма ўсё той жа, толькі запісаны не праз
Скрын-шот з сайта vk.com. Нумар Максіма ўсё той жа, толькі запісаны не праз "+7" у міжнародным фармаце, а праз лакальнае расійскае "8"

Пагутарыць з Максіма Сакаловым не ўдалося. Яго нумар мабільнага тэлефона ўжо не актуальны, старонка ў соцсетцы сцёртая.

У аб'явах па вярбоўцы дзяўчат у Golden Girls фігуравалі і іншыя расейцы, з канкрэтнымі нумарамі тэлефонаў. Выйсці на гэтых людзей беларускім праваахоўнікам было б нескладана. Але ці трэба гэта ім? Што, калі Дар'я Бялова, з якой ужо зляпілі бандыткай ўзроўню Аль Капонэ, апынецца невінаватай? Яе блізкія настойваюць на версіі, што Дар'я сапраўды распавядала сяброўкам па інтэрнэце аб працы ў Golden Girls, магчыма, рэкламавала клуб. Але ці можна называць такія дзеянні арганізацыяй і выкарыстаннем заняткаў прастытуцыяй?

Звярніце ўвагу на яшчэ адну дэталь. У артыкуле 171 крымінальнага кодэкса прапісана: "пад выкарыстаннем заняткаў прастытуцыяй варта разумець выманне асобай матэрыяльнай ці іншай выгады ..." Зноў-такі, з цяжкасцю верыцца, што Рамадан выдаваў жонцы чэкі, якія потым аказаліся ў руках беларускіх міліцыянераў.

З іншага боку, працэнт апраўдальных прысудаў у беларускіх судах меншы за 1%. Таму ёсць і такое меркаванне: нават калі б Дар'ю Белову абвінавацілі ў падпале Рэйхстага, наўрад ці б ёй удалося даказаць сваю невінаватасць.